Матэрыялы на абласную краязнаўчую навукова-практычную канферэнцыю
“Край Гарадзенскі” (Секцыя “Людзі зямлі Гродзенскай”)
Мартынаў Іван Мікітавіч – патрыёт, ветэран, педагог
(з успамінаў удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Мартынава І.М.)
Аўтар:
Памецька Аляксандра
Андрэеўна, навучэнка
8 клас
Навуковы кіраўнік
Мілаш Ганна Валяр’янаўна,
настаўнік гісторыі
УВОДЗІНЫ
Даўно мінула вайна. На нашай зямлі мір і спакой. І ўсё менш застаецца ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Таму сёння мы не маем права забываць тыя страшныя і гераічныя дні. Вельмі важна, каб маладое пакаленне ведала гісторыю сваёй Радзімы, яе гераічнае мінулае, якое служыць прыкладам для нас усіх. У сучасным свеце маладым няпроста арыентавацца ў вялікай колькасці інфармацыі з розных крыніц. Прыклад гераічнага жыцця нашых дзядоў можа дапамагчы ў выбары сапраўдных чалавечых каштоўнасцей, свайго жыццёвага шляху.
У баях з фашысцкімі захопнікамі змагаліся тысячы партызан і падпольшчыкаў. Імёны і подзвігі іх увекавечаны ў мемарыялах, летапісах, успамінах. Сярод іх былы настаўнік гісторыі нашай школы Мартынаў Іван Мікітавіч, удзельнік партызанскага руху Вілейскай вобласці, у склад якой да 1944 года ўваходзіў і Астравецкі раён. (Дадатак 1). Але, на жаль, пра гэтага чалавека вядома не так ужо і шмат. У школе прайшло анкетаванне пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара Лабадаевай Святланы Аляксееўны на тэму “Меркаванне наконт неабходнасці захоўваць гістарычную памяць”. На пытанне “Хто з жыхароў нашага рэгіёну найбольш заслугоўвае таго, каб пра яго жыццё і дзейнасць захавалася памяць?” большасць удзельнікаў апытання выбралі Мартынава Івана Мікітавіча. На нашу думку, лёс такога чалавека дастойны таго, каб падрабязна пазнаёміцца з усім, што так ці інакш звязана з яго іменем. Гэта стала асноўнай мэтай нашага даследвання, дасягнуць якую планавалася праз вырашэнне наступных задач:
- сабраць матэрыял, звязаны з біяграфічнымі звесткамі пра Мартынава І.М.;
- высветліць, у якіх падзеях Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў, падзеі, якія аказалі ўплыў на фарміраванне яго асобы;
- больш падрабязна пазнаёміцца з матэрыяламі па гісторыі Астравеччыны;
- апытаць знаёмых Мартынава И.М., пазнаёміцца з яго прафесійнай дзейнасцю.
- аформіць вынікі дзейнасці ў выглядзе даследчай работы.
Метады даследвання:
- анкетаванне;
- апытанне людзей, знаёмых, якія ведалі Мартынава І.М.;
- работа з матэрыяламі з розных друкаваных і электронных крыніц;
- даследаванне матэрыялаў школьнага ваенна-гістарычнага музея.
Аб’ект даследавання: гісторыя Астравеччыны.
Прадмет даследавання: падзеі, звязаныя з жыццём і дзейнасцю ветэрана вайны Мартынава Івана Мікітавіча.
ГЛАВА 1. УСПАМІНЫ АБ ВАЙНЕ
Мартынаў Іван Мікітавіч нарадзіўся 10 лютага 1922 года ў в. Фёдараўка Лысагорскага раёна Саратаўскай вобласці ў сям’і селяніна. Бацька памёр у 1924 годзе. У 1929 годзе Іван пайшоў у школу. З 1933 па 1936 гг. выхоўваўся ў дзіцячым доме ў Пензенскай вобласці, дзе закончыў шэсць класаў. З 1937 па 1939 год вучыўся ў Саратаўскім педагагічным інстытуце на гістарычным факультэце, адкуль у кастрычніку 1940 года з другога курса быў узяты ў Савецкую Армію.
У школьным музеі захаваліся ўспаміны Мартынава І.М.: “У 1940 г. з 2-га курса прызваны ў армію. Служыў у 16-м сапёрным батальёне ў Літоўскай ССР. Батальён будаваў дзоты на мяжы з Усходняй Прусіяй і быў размешчаны ў 1–2-х кіламетрах ад граніцы. Там сустрэў вайну. Вечарам 21 чэрвеня нам выдалі чыстую бялізну, запас прадуктаў, патроны, вінтоўкі. Было загадана спаць класціся ў штанах і гімнасцёрцы з расшпіленым каўнерыкам, вінтоўку пакласці побач. У 4 гадзіны раніцы 22 чэрвеня была трывога. Нас пастроілі, камісар батальёна выступіў з кароткай прамовай, і мы пачалі рухацца да граніцы, адкуль чулася стральба. Калі мы прайшлі метраў 400, на нашы казармы паляцелі артылерыйскія снарада. Хвілін праз 10 мы падышлі да поля, насустрач рухаліся немцы. Свяціла сонца, над зямлёй была негустая ранішняя дымка. З абодвух бакоў затрашчалі вінтовачныя выстралы, запрацавалі аўтаматы і кулямёты, запахла порахам. З’явіліся першыя раненыя. Да немцаў праз паўгадзіны прыбыло падмацаванне. Мы вымушаны былі адыходзіць. Наш адыход чаргаваўся з прыпынкамі, калі мы ўступалі ў бой з немцамі” [4, с. 1].
На фронце ўдзельнічаў у баях каля Каўнаса, у Паставах, каля Дрысы і пад Невелем, дзе папаў у акружэнне , быў ранены ў нагу і папаў у палон.
З успамінаў: “Асабліва запомніўся бой каля г. Янава, на ўсход ад Каўнаса, дзе паспяхова дзейнічала наша артылерыя. Пасля артпадрыхтоўкі наша пяхота перайшла ў атаку. Мы гналі немцаў у бок Каўнаса. Ад разгрому іх выратавала авіяцыя.
Потым быў жорсткі бой каля г. Паставы, дзе я быў аглушаны ўзрывам міны, але застаўся ў страі. Адступаючы, мы рухаліся ў бок Невеля. Там, пад Невелем, групы нашых войск былі акружаны” [4, с. 2].
Пры спробе выйсці з акружэння Іван Мікітавіч быў ранены ў нагу, папаў да немцаў у палон і адвезены ва Усходнюю Прусію, дзе знаходзіўся ў канцлагеры. Там праявіўся яго цвёрды і рашучы характар.
З успамінаў: “Калі раны зажылі, я стаў рыхтавацца да ўцёкаў. Першая спроба аказалася няўдачнай. Нехта выдаў. Яфрэйтар Лорэнц, які кіраваў нашым блокам, сказаў:
- Я вас расстраляю, калі ў мяне з’явіцца жаданне, а пакуль атрымайце шомпалаў.
У хуткім часе маіх сяброў адправілі ў Германію. Прыйшлося шукаць новых спадарожнікаў, але гэта не так проста. Наканец, я пазнаёміўся з Мікалаем Нікіціным, Міхаілам Мілоенка і Васіліем Бабыніным. Разам мы збеглі з Усходняй Прусіі, прайшлі начамі ўсю Літву, прыбылі ў Беларусь” [4, с. 2].
Ідучы на ўсход, сустрэўся з Ф. Г. Маркавым і ўступіў у яго партызанскі атрад, які дзейнічаў на тэрыторыі Свірскага, Пастаўскага, Мядзельскага раёнаў. “Мартынаў быў у атрадзе імя А.В.Суворава радавым байцом, камандзірам аддзялення, палітруком і камандзірам узвода, начальнікам разведкі, памочнікам камісара атрада. Адначасова з’яўляўся членам бюро Пастаўскага падпольнага райкома ЛКСМБ” [1, с. 264].
З успамінаў: “Мы з Мікалаем Нікіціным каля Маладзечна сустрэліся з Фёдарам Рыгоравічам Маркавым і ўступілі ў яго атрад. Мілоенка і Бабынін, выпадкова аказаліся ў іншым месцы, сустрэліся з камандзірам невялікага атрада Уладзімірам Цаба і ўступілі ў яго атрад. Хутка атрады Маркава і Цабы аб’ядналіся, і мы аказаліся ў адной брыгадзе. Пасля Міша Мілоенка загінуў у баі, Васілій Бабынін стаў камісарам атрада “Знішчальнік”, Мікалай Нікіцін быў старшынёй атрада імя Суворава. Я, знаходзячыся ў атрадзе імя Суворава, удзельнічаў у многіх баях” [4, с. 3 ].
“Брыгада імя Варашылава, дзейнічала ў Мядзельскім, Пастаўскім, Дунілавіцкім, Астравецкім, Свірскім, Смаргонскім, Куранецкім, Глыбоцкім, Крывіцкім раёнах Вілейскай вобласці і Свянцянскім раёне Літоўскай ССР” [1, с. 238]. Аб дзейнасці партызанскай брыгады імя Варашылава падрабязна расказваецца ў кнізе І.Клімава “Партызаны Вілейшчыны”. Там таксама апісваецца бой , які праходзіў у нашай мясцовасці недалёка каля в. Вялікая Страча: “В конце июля 1943 года диверсионная группа С.Варламова получила задание уничтожить мост через реку Страча на автомагистрали Вильнюс – Витебск. Эта магистраль имела важное значение, и поэтому дорожные сооружения здесь усиленно охранялись” [3, с. 171].
У кнізе “Людзі нарачанскага края”, прысвечанай барацьбе партызан і падпольшчыкаў супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў на тэрыторыі Вілейскага краю, ёсць таксама ўспаміны і Мартынава Івана Мікітавіча “Аб сябрах-таварышах”. Ён успамінае аб заданні разведаць умацаванне і сілы праціўніка на ўчастку чыгункі Лынтупы – Гадуцішкі, расказвае, якая небяспека чакала народных мсціўцаў на кожным кроку, з горыччу ўспамінае, як прыходзілася ў баях траціць сваіх сяброў.
24 чэрвеня 1944 г. Мартынаў І.М. быў паранены ў правую руку. Лячыўся адразу ў партызанскім шпіталі, а потым у Вілейскай абласной бальніцы.
З успамінаў: “За некалькі дзён да прыходу Чырвонай Арміі на нашу тэрыторыю я быў паранены ў баі ля в. Нарковічы Пастаўскага раёна. Пасля ранення знаходзіўся ў партызанскім шпіталі, з Чырвонай Арміяй сустрэўся ў в. Жуціна Мядзельскага раёна. пасля чаго раненых перавезлі ў г. Вілейку, дзе ў абласной бальніцы лячыўся яшчэ чатыры месяцы” [4, с. 7].
ГЛАВА 2. ПАСЛЯВАЕННАЕ ЖЫЦЦЁ: БАРАЦЬБА ПРАЦЯГВАЕЦЦА
З лістапада 1944 г. па ліпень 1952 г. Мартынаў І.М. працаваў у Маладзечанскім аблвыканкаме інструктарам, інспектарам па скаргах, памочнікам старшыні аблвыканкама, загадчыкам агульнага аддзела, загадчыкам сектара кадраў.
З успамінаў: “Пасля лячэння з 1944 па 1952 год працаваў у Вілейскім (затым Маладзечанскім) аблывыканкаме на розных пасадах (заг. аргаддзела, пам. старшыні аблвыканкама). Часта па камандзіроўках аблвыканкама і абкама партыі прыходзілася выконваць заданні ў раёнах вобласці (праверка работы райвыканкамаў і сельсаветаў, выканання планаў лесанарыхтовак, хлебанарыхтовак, падпіску на дзяржаўны заем, стварэнне камсамольскіх арганізацый, арганізацыя калгасаў і г.д.) (Дадатак 2 ). Гэта было не проста. У 1944 – 1946 гг. у некаторых раёнах дзейнічалі банды. Так у 1945 г. прыйшлося весці бой з бандай у в. Супраненты, а потым у Радашковічскім раёне” [4, с. 8].
Адначасова з 1947 па 1951 год Іван Мікітавіч завочна вучыўся ў Мінскім педінстытуце, пасля заканчэння якога ў 1952 г. перайшоў на настаўніцкую работу. Працаваў у Мядзельскім раёне дырэктарам Далгіноўскай СШ Крычаўскага раёна, настаўнікам Слабодскай СШ Мядзельскага раёна, дырэктарам Кабыльніцкай СШ, настаўнікам Свірскай СШ. З 1969 г. працаваў у Спондаўскай СШ (Дадатак 3).
ГЛАВА 3. ПАМЯЦЬ ПАВІННА ЖЫЦЬ
Апошнія гады свайго жыцця працаваў настаўнікам гісторыі Спондаўскай сярэдняй школы. Іван Мікітавіч любіў сваю работу і дзяцей. Работа і жыццё для яго сталі словамі-сінонімамі (Дадатак 4). У атэстацыйным лісце пісалася: “Вопытны, добра ведае свой прадмет і методыку выкладання. Урокі праводзіць на высокім ідэйна-тэарэтычным і метадычным узроўні. Практыкуе правядзенне лекцый, семінарскіх заняткаў, залікаў, кансультацый. На ўроках умела выкарыстоўвае дадатковую літаратуру, матэрыялы перыядычнага друку. Вучыць даваць ацэнку праходзячым падзеям. Дабіваецца канкрэтнасці пры апытанні. Па яго прадмеце ўсе паспяваюць. Праводзіць вялікую выхаваўчую работу. Пад яго кіраўніцтвам створаны музей баявой славы, які стаў цэнтрам ваенна-патрыятычнага выхавання. Выступае перад насельніцтвам з лекцыямі і дакладамі, удзельнічае ў грамадскім жыцці школы” [4, с. 2].
Мы звярнуліся з пытаннямі да Міхалькевіча Тэафілія Баніфацавіча, Лукшы Яўгенія Іванавіча і іншых настаўнікаў і навучэнцаў, якія працавалі адначасова з Іванам Мікітавічам. Яны характарызавалі яго як паважанага ўсімі чалавека, строгага, але добразычлівага (Дадатак 5).
“Сам Іван Мікітавіч жыў у Свіры, а на работу кожны дзень дабіраўся на мапедзе. У зімовы час, калі гэта было немагчыма, начаваў у настаўніцкім доме. З 1976 па 1978 год працаваў дырэктарам. Іван Мікітавіч цалкам прысвяціў сябе выкладанню гісторыі,” – расказвае былы дырэктар школы Міхалькевіч Тэафілій Баніфацавіч.
Стварэнне у нашай школе музея баявой славы партызанскіх злучэнняў Вілейскага краю ім. Ф. Р. Маркава стала справай усяго яго жыцця (Дадатак 6). Музей ствараўся па крупінках. Адкрыццю музея папярэднічала вялікая пошукавая работа настаўніка і вучняў. Усе экспанаты (асабістыя рэчы ветэранаў, дакументы, карты, кнігі) былі падараваны ветэранамі брыгады па просьбе Мартынава. Усе звесткі, што зараз вядомы навучэнцам аб дзейнасці партызанскіх брыгад, якія дыслацыраваліся на тэрыторыі нарачанскай зоны, збіраліся па крупінках у паходах па месцах ваенных дзеянняў, з дакументаў і ўспамінаў тых, хто прымаў удзел у барацьбе з фашыстамі. Рабяты пад кіраўніцтвам Івана Мікітавіча пісалі пісьмы ветэранам, анкеты. Сабраны матэрыял дазволіў адкрыць у 1973 годзе школьны музей баявой славы. (Дадатак 7).
Апошнія гады свайго жыцця Іван Мікітавіч цяжка хварэў, але ўсё роўна не пакідаў сваёй працы ў школе. Памёр Мартынаў у 1994 годзе.
Кожны год навучэнцы школы наведваюць брацкія магілы, дзе пахаваны савецкія воіны, прыносяць кветкі, праводзяць добраўпарадкаванне. Не забываюць і магілу Мартынава І.М. (Дадатак 8).
Мартынаў І.М. узнагароджаны Ордэнам Чырвонага Сцяга (1944), Ордэнам Вялікай Айчыннай вайны І ступені (1985), медаллю “Партызану Вялікай Айчыннай вайны”, Ганаровай граматай Міністэрства асветы БССР.
ЗАКЛЮЧЭННЕ
Нам, падрастаючаму пакаленню, трэба захаваць памяць аб тых гераічных днях Вялікай Айчыннай вайны, аб тых людзях, якія, не шкадуючы ні сіл, ні жыцця, змагаліся за наша будучае. Мы павінны паважаць, берагчы і захоўваць іх успаміны. Пройдуць гады, але памяць аб іх подзвігах павінна перадавацца з пакалення ў пакаленне.
У сваёй рабоце мы імкнуліся паказаць лепшыя якасці нашых дзядоў, любоў да Радзімы, мужнасць, адвагу. Мы павінны браць прыклад з нашых герояў, працягваць іх слаўныя традыцыі. Такім героем мы лічым Мартынава Івана Мікітавіча, які аддаў усе свае сілы для барацьбы з фашысцкімі акупантамі, а пасля вайны – справе выхавання падрастаючага пакалення. Ён з’яўляўся сапраўдным патрыётам сваёй Радзімы.
Мы лічым, што пастаўленая мэта дасягнута. Шмат новага з гісторыі вайны мы даведаліся не толькі з літаратуры, але і з успамінаў удзельніка мінулых падзей. Гэта мае асаблівую каштоўнасць як для нас, так і для ўсіх, хто будзе знаёміцца з гэтай работай.
Гэты матэрыял можна выкарыстоўваць як у экскурсійна-прапагандысцкай дзейнасці школьнага музея баявой славы, так і ў іншых відах пазакласнай выхаваўчай работы, а таксама як дакументальныя крыніцы да ўрокаў гісторыі, літаратуры і інш. Наша даследванне можа стаць асновай для афармлення экспазіцыі “Нашы вядомыя землякі” не толькі ў школьным музеі, але заняць дастойнае месца і ў раённым краязнаўчым музеі.
Мы лічым, што на гэтым наша даследаванне не павінна закончыцца. Мы плануем звярнуцца ў архівы, звязацца з родзічамі І.М. Мартынава.
Вывучэнне дадзенай тэмы можна працягваць, так як дзейнасць нашых землякоў падрабязна не даследавана, і кожнаму з іх можна прысвяціць асобнае даследванне.
СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ І ЛІТАРАТУРЫ
- Большедворов, С. Н. Люди нарочанского края / С. Н. Большедворов. – Минск : “Беларусь”, 1975. – 590 с.
- Климов И.Ф. Партизаны Вилейщины / И.Ф.Климов. – Минск: “Беларусь”, 1970. – 384 с.
- Матэрыялы школьнага музея баявой славы імя Ф.Р.Маркава.
- Памяць. Астравецкі раён / Раён. каміс. па стварэнні гісторыка-дакументальнай хронікі ; рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мн : БелЭн, 2004. – 632 с.
- Успаміны Міхалькевіча Т.Б.
Дадатак 1
Мартынаў І.М.
Дадатак 2
Часта па камандзіроўках аблвыканкама і абкама партыі прыходзілася выконваць заданні ў раёнах вобласці. (Мартынаў І.М. у першым радзе крайні злева.)
Дадатак 3
З 1969 г. Мартынаў І.М. працаваў у Спондаўскай школе. (Мартынаў М.І. у першым радзе трэці справа)
Дадатак 4
Іван Мікітавіч любіў сваю работу і дзяцей.
Дадатак 5
Пра Мартынава І.М. успамінае настаўнік матэматыкі Спондаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Лукша Я.І.
Дадатак 6
Стварэнне ў нашай школе музея баявой славы стала справай усяго жыцця І.М.Мартынава.