Министерство образования Республики Беларусь
Отдел образования Островецкого райисполкома
Государственное учреждение образования
Дадатак 3
Метадычныя рэкамендацыі «Аб арганізацыі дзейнасці сцягавых груп ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі» Агульныя палажэнні Мэтанакіраванае, сістэматычнае выкарыстанне сімвалаў, атрыбутаў, рытуалаў адкрывае вялікія магчымасці для павышэння эфектыўнасці ваенна- патрыятычнага выхавання ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі (далей – УАСА). Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь (далей – Сцяг) выносіцца пры правядзенні ўрачыстых мерапрыемстваў членамі сцягавай (цырыманіяльнай) групы на лінейках, урачыстых сходах, святах і іншых цырымоніях. Сцягавая група можа мець асноўны і запасны склады, колькасць яе ўдзельнікаў, задзейнічаных пры правядзенні ўрачыстага мерапрыемства, залежыць ад месца правядзення, маштабу мерапрыемства, кантынгенту вучняў. Колькасны склад сцягавай групы (асноўны склад) можа вагацца ад 1 вучня (сцяганосец) да 4 чалавек (кіраўнік групы, сцяганосец і 2 асістэнты). Сцягавая група мае сваю экіпіроўку: ваенная форма (парадная форма адзення) пры наяўнасці права яе нашэння або адзенне дзелавога стылю чорна-белага колеру; сцягавая стужка пры наяўнасці права яе нашэння (апранаецца праз правае плячо да левага боку); белыя пальчаткі. Выкарыстаны сцягавай групай Сцяг павінен адпавядаць патрабаванням, прадстаўленым у Законе Рэспублікі Беларусь ад 5 ліпеня 2004 г. № 301-З «Аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь». Даведачна: Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь мацуецца на дрэўку (флагштоку), якое афарбоўваецца ў залацісты (охра) колер. Адносіны шырыні Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь да даўжыні дрэўка – 1:3. Пры правядзенні цырымоній і іншых урачыстых мерапрыемстваў на верхнім канцы дрэўка Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь замацоўваецца верхавіна ромбападобнай формы з выявай пяціканцовай зоркі, аналагічнай яе выяве на Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь. Верхавіны вырабляюцца з металу жоўтага колеру. Адбор вучняў у склад сцягавай групы Члены сцягавай групы выбіраюцца з ліку вучняў II (8–9 класы) і III ступеней агульнай сярэдняй адукацыі, якія з'яўляюцца членамі актыву вучнёўскага самакіравання, пярвічнай арганізацыі ГА «БРСМ», спартыўных каманд, пераможцаў і ўдзельнікаў конкурсаў, фестываляў, алімпіяд, паказалі высокі ўзровень падрыхтоўкі ў асобных прадметных галінах, асаблівыя поспехі ў навукова-даследчай, творчай, інтэлектуальнай і іншай дзейнасці, не маюць парушэнняў правіл унутранага распарадку, злачынстваў і правапарушэнняў. Выбары могуць быць арганізаваны на конкурснай аснове. 29 Пры выбары членаў сцягавай групы таксама ўлічваюцца асаблівасці фізічнага развіцця вучняў (канстытуцыя, рост, група здароўя). Пры неабходнасці трэба арганізаваць правядзенне бацькоўскага сходу (групавой гутаркі) з бацькамі вучняў, адабраных у сцягавыя групы, падчас якога растлумачваюцца мэта і задачы сцягавай групы, патрабаванні, што прад'яўляюцца да вучняў, неабходнасць практычнай і тэарэтычнай падрыхтоўкі, ажыццяўляецца знаёмства з кіраўніком адпаведнай групы. Склад сцягавай групы і парадак яе падрыхтоўкі зацвярджаецца загадам дырэктара УАСА (склад сцягавай групы зацвярджаецца пасля разгляду кандыдатур на пасяджэнні педагагічнага савета з улікам меркавання вучняў (узгадненне органа вучнёўскага самакіравання, Савета пярвічнай арганізацыі ГА «БРСМ»)). Кіраўніком сцягавай групы можа быць прызначаны педагагічны работнік (кіраўнік ВПВ, педагог-арганізатар і іншыя) або вучань, якія валодаюць адпаведным досведам, фізічнымі і маральна-псіхалагічнымі якасцямі. Адказным за падрыхтоўку сцягавай групы прызначаецца кіраўнік ВПВ (пры яго адсутнасці – педагог вучэбнага прадмета «Дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка», кіраўнік фізічнай культуры і спорту, іншы педагог, які мае адпаведны досвед). Члены сцягавай групы абавязаны: ведаць гісторыю Дзяржаўнага герба, сцяга, гімна Рэспублікі Беларусь; выхоўваць асабістым прыкладам павагу да Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь; выконваць правілы абыходжання з Дзяржаўным сцягам, імкнуцца кожны звязаны з ім рытуал зрабіць змястоўным і выразным; авалодваць страявымі прыёмамі, тэхнікай і методыкай правядзення цырымоній унясення і вынасу Дзяржаўнага сцяга; быць узорным, дысцыплінаваным вучнем, мець ахайны знешні выгляд. Арганізацыя заняткаў па страявой падрыхтоўцы Падчас тэарэтычнай і практычнай падрыхтоўкі вучняў – удзельнікаў сцягавай групы неабходна фарміраваць паважлівыя адносіны да Дзяржаўнага сцяга, вучыць правільнаму абыходжанню з ім. Падчас практычнай падрыхтоўкі сцяганосцаў і асістэнтаў мэтазгодна пачынаць з адпрацоўкі элементаў адзіночнай страявой падрыхтоўкі. Важна ўвесь час удасканальваць страявыя ўменні сцягавай групы, імкнучыся да дакладнасці, правільнасці, сінхроннасці і прыгажосці рухаў. Страявая падрыхтоўка дапамагае выпрацоўваць трываласць, адказнасць, правільную паставу, уменне трымаць сябе на публіцы, зладжана працаваць у камандзе. Навучанне сцягавых груп па страявой падрыхтоўцы і выкананні рытуальных дзеянняў павінна складаць не менш за 20–22 гадзіны за навучальны год, правядзенне заняткаў па вывучэнні тэарэтычнага матэрыялу павінна складаць 5–6 гадзін (уключаючы прагляд відэаматэрыялаў). Падчас арганізацыі страявой падрыхтоўкі ажыццяўляецца адпрацоўка выканання ў складзе сцягавых груп наступных рытуальных дзеянняў: унясенне і вынас Сцяга фронтам і калонай цырыманіяльным крокам; 30 размяшчэнне сцяганосца і асістэнтаў ля Сцяга ў становішчы «Смірна»; змена сцягавых груп (з перадачай Сцяга): змена спераду, змена ззаду, змешаная змена; рух сцягавай групы ў паходным страі; схіленне Сцяга (хвіліна маўчання) і іншае. Кожныя заняткі па страявой падрыхтоўцы для сцягавай групы павінны складацца з трох частак: уступнай часткі, на працягу якой праводзіцца агляд знешняга выгляду і выхад да месца заняткаў на страявы пляц (пляцоўку), аб'яўляецца тэма, мэта заняткаў і вучэбныя пытанні; асноўнай часткі, якая ўключае вывучэнне і адпрацоўку новых прыёмаў па падзелах і ў цэлым пад каманду кіраўніка; заключнай часткі, у якой рэкамендуецца правесці разбор і даць ацэнку дзеянням вучняў, адзначыць іх дасягненні і даць заданне для самастойнай падрыхтоўкі. Кіраўнік заняткаў аб'яўляе тэму, мэту заняткаў і вучэбныя пытанні, пасля чаго пачынае заняткі з паўтарэння вывучанага напярэдадні прыёму. Затым пачынае вывучэнне і трэніроўку новага прыёму. Кіраўнік заняткаў спачатку паказвае выкананне страявога прыёму ў цэлым, а затым па элементах. Паказ па элементах праводзіцца ў павольным тэмпе, а потым у звычайным. Методыка навучання страявым прыёмам Навучанне страявым прыёмам неабходна праводзіць у наступнай паслядоўнасці: - азнаямленне з прыёмам; - развучванне прыёму; - трэніроўка. Азнаямленне з прыёмам павінна даць вучням правільнае ўяўленне аб ім. Для гэтага неабходна: - назваць прыём або дзеянне і паказаць, дзе і з якой мэтай яно прымяняецца; - падаць каманду, па якой выконваецца прыём; - паказаць выкананне прыёму ў цэлым, а затым у павольным тэмпе і па падзелах з кароткім тлумачэннем парадку яго выканання. Развучванне прыёму праводзіцца з мэтай правільнага яго выканання вучнямі. У залежнасці ад складанасці страявога прыёму развучванне яго можа праводзіцца: - у цэлым, калі прыём нескладаны; - па падзелах, калі прыём складаны; - з дапамогай падрыхтоўчых практыкаванняў, калі прыём складаны і асобныя яго элементы цяжка засвойваюцца. Развучванне страявога прыёму або дзеяння (яго часткі) пачынаецца з азнаямлення. Для гэтага кіраўнік заняткаў узорна паказвае вучням парадак 31 выканання прыёму або дзеяння ў цэлым, а затым па частках (па падзелах), адначасна тлумачачы дзеянні. Паказ неабходна суправаджаць кароткім тлумачэннем. Тлумачэнне дазваляе раскрыць такія бакі вывучаемых страявых прыёмаў ці дзеянняў, якія не даюць поўнага ўяўлення шляхам назірання. Тлумачэнне павінна быць кароткім і даходлівым. Яно арыентуе вучняў на тое, што будзе паказана, ці на тое, ад чаго залежыць правільнасць выканання страявога прыёму або дзеяння. У выніку гэтага ўспрыманне паказаных прыёмаў і дзеянняў становіцца больш мэтанакіраваным, вучні больш хутка і ясна ўяўляюць, што ад іх патрабуецца для паспяховага авалодання вывучаемымі прыёмамі або дзеяннямі. Пасля азнаямлення са страявым прыёмам або дзеяннем працэс фарміравання навыку як цэласнага дзеяння ўключае тры цесна звязаныя паміж сабой асноўныя этапы: -раздзяленне прыёму або дзеяння (складанага) на часткі (элементарныя дзеянні) і выкананне кожнага элементарнага дзеяння паасобку; -паслядоўнае аб'яднанне асобных элементарных дзеянняў у групы, а затым – у адно цэлае; -выпрацоўка аўтаматызму дзеянняў, які набываецца дзякуючы шматразовым паўторам (трэніроўкам), падпарадкаваным задачы больш хуткага і правільнага выканання прыёму або дзеяння. Трэніроўка ў выкананні прыёму заключаецца ў шматразовым яго паўтарэнні да выпрацоўкі ў вучняў трывалых навыкаў. Трэніроўка праводзіцца спачатку ў павольным тэмпе, а затым у звычайным. Памылкі, якія дапускаюцца асобнымі вучнямі, выпраўляюцца падчас трэніроўкі. Страявыя прыёмы і практыкаванні Падчас страявой падрыхтоўкі ажыццяўляецца адпрацоўка асноўных прыёмаў і практыкаванняў. Страявая стойка з'яўляецца асновай правільнага выканання ўсіх страявых прыёмаў. Павароты на месцы. Пасля адпрацоўкі страявой стойкі пачынаецца навучанне паваротам на месцы, паколькі толькі на яе аснове можна правільна засвоіць гэтыя прыёмы. Варта прытрымлівацца і паслядоўнасці адпрацоўкі – паварот направа, налева і кругом, а затым павароты напаўпаварота направа і налева. Страявы крок. Развучванне страявога кроку як найбольш складанага прыёму, выкананне якога патрабуе ад вучняў асаблівай сабранасці, падцягнутасці, правільнасці, узгодненага руху рук і ног, мэтазгодна праводзіць па падзелах з дапамогай падрыхтоўчых практыкаванняў. Пасля адпрацоўкі практыкавання кіраўнік заняткаў прыступае да навучання руху страявым крокам з тэмпам 60–70 крокаў за хвіліну з наступным нарошчваннем тэмпу руху да 110–120 крокаў за хвіліну. Паварот кругом у руху. Прыступаючы да вывучэння павароту кругом у руху кіраўнік заняткаў звяртае асаблівую ўвагу на тое, што паварот у руху кругом, у адрозненне ад паваротаў направа і налева, ажыццяўляецца на насках 32 абедзвюх ног і рух пасля павароту пачынаецца з левай нагі ў той момант, калі ногі знаходзяцца на насках. Выхад са строю, вяртанне ў строй. Навучанне выхаду са строю па камандзе і вяртанню ў строй кіраўнік заняткаў пачынае з разгорнутага аднашарэнгавага, а потым з двухшарэнгавага строю. Дзеянні сцягавай групы пры ўнясенні і вынасе Дзяржаўнага сцяга Дзеянні сцягавай групы пры ўнясенні і вынасе Дзяржаўнага сцяга ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з наступнымі патрабаваннямі. У страі, стоячы на месцы, сцяганосец трымае Сцяг ля нагі свабодна апушчанай правай рукой. Ніжні канец дрэўка павінен знаходзіцца ля сярэдзіны ступні правай нагі. Асістэнты стаяць па баках (злева, справа, спераду, ззаду ад сцяганосца, у залежнасці ад варыянту вынасу Сцяга), дыстанцыя паміж членамі сцягавай групы – выцягнутая рука, рукі апушчаны ўздоўж тулава, пальцы рук напаўсагнутыя. Унясенне Сцяга. Сцяганосец стаіць са Сцягам на зыходнай пазіцыі – ззаду левага флангу лінейкі або за межамі залы, пляцоўкі. Для руху па папярэдняй камандзе «Крокам марш!» сцяганосец пераносіць Сцяг на левае плячо і трымае яго левай рукой, выцягнутай па дрэўку, а правую руку апускае. Усе каманды прамаўляюцца нягучна, дакладна. Падчас вынасу Сцяга і пры руху перад строем ва ўрачыстых выпадках, наперадзе калоны на парадзе сцяганосец злёгку нахіляе Сцяг налева і крыху наперад, трымае дрэўка сцяга дзвюма рукамі: левай сагнутай і правай выцягнутай рукамі. Локаць левай рукі прыўзняты да ўзроўню пляча, на ўзроўні грудзей. Вугал рукі ў локці і вугал паміж левай рукой і тулавам роўны 90°, правая рука амаль прыціснута да сцягна. Такое становішча Сцяга пры вынасе ва ўрачыстых выпадках найболей выразнае і зручнае, пры гэтым ніжні канец дрэўка павінен знаходзіцца на вышыні 50–60 см ад зямлі. Рух са Сцягам пачынаецца па камандзе кіраўніка «Сцяганосец, за мной, крокам – Марш». Па гэтай камандзе сцяганосец і асістэнты пачынаюць рух. Калі сцягавая група са Сцягам наблізіцца на 40–50 крокаў да месца пастраення, кіраўнік мерапрыемства камандуе: «Пад Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь – СМІРНА», калі вучні і педагогі размешчаны «ў лінію», дадаткова даецца каманда: «Раўненне на-ПРАВА (на-ЛЕВА)». Па гэтай камандзе ўсе паварочваюць галаву ў бок Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь і праводзяць яго позіркам, паварочваючы ўслед за ім галаву. Калі сцягавая група займае загадзя вызначанае месца, кіраўнік мерапрыемства падае знак для спынення фанаграмы (аркестру (барабаншчыкам) – для спынення ігры) і камандуе: «ВОЛЬНА». Сцяганосец і асістэнты павінны, дакладна ведаць маршрут руху, ісці абавязкова ў нагу страявым крокам, не спяшацца. Асістэнты з моманту каманды «Крокам марш!» і да каманды «Вольна!» прымаюць становішча «смірна», у тым ліку і пры руху. 33 Сцяг праносіцца ўздоўж лінейкі (строю) злева направа ў адносінах да строю і спыняецца перад строем на правым флангу (злева ад вядучых). Сцягавая група падчас вынасу Сцяга можа ісці: - разгорнутым строем (сцягавая група ў адной лініі, злева сцяганосец). На вялікіх урачыстых мерапрыемствах пры праходжанні сцяганосец з асістэнтамі ідуць побач, фронтам у тры чалавекі. Гэта асноўны страявы прыём; - «трохвугольнікам» (асістэнты на крок ззаду сцяганосца). Прыём выкарыстоўваецца ў выпадках, калі сцягавай групе неабходна вынесці Сцяг у вузкім месцы. Асістэнты ідуць на крок ззаду, утвараючы разам з ідучым наперадзе сцяганосцам трохвугольнік; - у калону (рухаюцца калонай па адным) – наперадзе першы асістэнт, адразу за ім сцяганосец, ззаду яшчэ адзін асістэнт. Вынас Сцяга. Для вынасу Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь (Сцяга) кіраўнік мерапрыемства камандуе: «Пад Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь – СМІРНА», калі вучні і педагогі размешчаны «ў лінію», дадаткова даецца каманда: «Раўненне на-ПРАВА (на-ЛЕВА)». Калі сцяганосцы адыходзяць на 40–50 крокаў, кіраўнік мерапрыемства падае знак для спынення фанаграмы (аркестру (барабаншчыкам) – для спынення ігры) і камандуе: «ВОЛЬНА».